
Пры падтрымцы ArtPower Belarus быў рэалізаваны культурніцкі праект «Сцежкамі Адамовіча», прысвечаны захаванню памяці пра беларускага пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча.
Цэнтральным месцам праекта стала Глуша — пасёлак, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка. Тут быў распрацаваны інтэрактыўны аўдыямаршрут з сямі кропак, звязаных з жыццём Адамовіча, яго сям’ёй і мясцовай гісторыяй. Праз успаміны, цытаты і аповеды слухачы могуць пазнаёміцца з асяроддзем, у якім фармаваўся будучы пісьменнік, і па-новаму адкрыць для сябе яго біяграфію і творчасць. Аўдыягід агучыў беларускі актор Аляксандр Ждановіч.
У межах праекта таксама быў створаны сайт, прысвечаны спадчыне Алеся Адамовіча. На ім даступны аўдыягід, спасылкі на Telegram-бот і мабільную аплікацыю, якія дазваляюць прайсці маршрут як непасрэдна ў Глушы, так і дыстанцыйна.
«Сцежкамі Адамовіча» працягвае працу грамадзянскай ініцыятывы «Прыпынак Адамовіча», дзякуючы якой у 2019 годзе ў Глушы быў адкрыты першы ў свеце помнік пісьменніку. Праект таксама прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння Алеся Адамовіча, якое будзе адзначацца ў 2027 годзе.