
Пры падтрымцы ArtPower Belarus была рэалізавана выстава Official. Unofficial. Belarus — незалежны беларускі павільён, прадстаўлены ў статусе афіцыйнай паралельнай падзеі 61-й Міжнароднай мастацкай выставы Венецыянскай біенале.
Праект аб’яднаў беларускіх мастакоў і мастачак, якія былі вымушаныя пакінуць краіну або сутыкнуліся з цэнзурай і пераследам праз сваю творчасць. Праз сучаснае мастацтва выстава даследуе тэмы цэнзуры, назірання, памяці, ідэнтычнасці і культурнага супраціву. Частка твораў была створана спецыяльна для экспазіцыі ў Венецыі.
Падтрымка ArtPower Belarus дазволіла забяспечыць удзел беларускіх творцаў, чые працы склалі аснову выставы, і прадставіць іх мастацкія выказванні на адной з найбуйнейшых міжнародных пляцовак сучаснага мастацтва.
З моманту адкрыцця ў траўні 2026 года выстава прыцягнула ўвагу міжнароднай аўдыторыі і сусветных медыя. Паводле арганізатараў, праект атрымаў высокія ацэнкі ў шэрагу вядучых выданняў і стаў пляцоўкай для знаёмства шырокай аўдыторыі з актуальным беларускім мастацтвам.