Пры падтрымцы ArtPower Belarus была рэалізавана выстава hyperMOTHER беларускага мастака Аляксандра Адамава, якая прайшла 18–20 верасня 2026 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве і ўвайшла ў праграму WGW+ Warsaw Gallery Weekend.
Праект даследуе механізмы кантролю і «мяккай улады» праз вобраз санаторыя — прасторы, дзе клопат, камфорт і апека паступова ператвараюцца ў інструменты абмежавання асабістай свабоды і аўтаноміі. Выстава была створана ў фармаце татальнай інсталяцыі, якая пагружала наведвальнікаў у мастацкае асяроддзе і дазваляла не толькі назіраць за механізмамі кантролю, але і адчуць іх праз уласны досвед.
Удзел у Warsaw Gallery Weekend даў магчымасць прадставіць актуальнае беларускае мастацтва польскай і міжнароднай аўдыторыі, пашырыць яго бачнасць і ўключыць у еўрапейскі кантэкст сучасных мастацкіх практык.
Часткай праекта стала стварэнне сайта https://hypermother.com/ з дакументацыяй выставы і дадатковымі матэрыяламі. Лічбавая платформа дазваляе захаваць вынікі мастацкай працы пасля завяршэння экспазіцыі і зрабіць іх даступнымі для тых, хто не меў магчымасці наведаць выставу асабіста.