
Пры падтрымцы ArtPower Belarus у Берліне была арганізавана выстава сучаснага мастацтва «Half-Life: 40 гадоў пасля Чарнобыля — беларускі досвед», прысвечаная асэнсаванню наступстваў Чарнобыльскай катастрофы праз творчасць беларускіх мастакоў і мастачак, народжаных пасля аварыі на ЧАЭС.
Выстава, якая адкрылася 24 красавіка 2026 года, аб’яднала творцаў, чый жыццёвы і мастацкі досвед сфармаваўся пад уплывам доўгатэрміновых наступстваў катастрофы. У аснове праекта — паняцце «перыяд паўраспаду», якое выкарыстоўваецца як метафара працяглага ўздзеяння Чарнобыля на чалавечае цела, памяць і ідэнтычнасць.
Праз інсталяцыі, відэа і мастацкія аб’екты ўдзельнікі даследуюць, як наступствы катастрофы працягваюць праяўляцца ў асабістых гісторыях, культурнай спадчыне і калектыўнай памяці. Асаблівая ўвага надаецца беларускаму досведу: Беларусь стала адной з найбольш пацярпелых ад аварыі краін, аднак яе перспектыва не заўсёды атрымлівае належнае прадстаўленне ў міжнародным культурным дыскурсе.
Куратар выставы — Уладзімір Грамовіч. У праекце ўзялі ўдзел Уладзімір Грамовіч, Дар’я Сазановіч, Юлія Цвяткова, Крысціна Саціна і Леся Пчолка. Да паралельнай праграмы далучыліся Юлія Цімафеева і Аксана Гурыновіч.