Пры падтрымцы ArtPower Belarus быў падрыхтаваны музычны альбом «ЗЭКАМЕРОН. Песні да спектакля», створаны на вершы былых палітычных зняволеных, у тым ліку Максіма Знака і Андрэя Кузнечыка. Рэліз альбома быў прымеркаваны да Дня салідарнасці з палітвязнямі, які адзначаецца 21 траўня.
Упершыню песні прагучалі ў 2024 годзе ў спектаклі «Зэкамерон» тэатральнай групы «Вольныя Купалаўцы», пастаўленым паводле цыкла апавяданняў Максіма Знака. Тэатральная пастаноўка таксама была рэалізавана пры падтрымцы ArtPower Belarus. Асобны музычны рэліз дазволіў захаваць песні і зрабіць іх даступнымі для шырэйшай аўдыторыі па-за межамі тэатральнай сцэны.
Праз музыку і паэзію альбом звяртаецца да тэмаў несвабоды, чалавечай годнасці, салідарнасці і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Ён аб’ядноўвае мастацкія галасы людзей, якія перажылі палітычны пераслед і зняволенне, ператвараючы іх асабісты досвед у частку сучаснай беларускай культуры.