
Пры падтрымцы ArtPower Belarus быў завершаны постпрадакшн дакументальнага фільма «Моўныя партызаны» рэжысёркі Тані Гаўрыльчык, прысвечанага барацьбе за захаванне і пашырэнне беларускай мовы ў публічнай прасторы.
Героі стужкі — актывісты Аліна і Ігар, якія больш за дзесяць гадоў паслядоўна адстойваюць права карыстацца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. Іх дзейнасць складаецца з канкрэтных штодзённых крокаў: зваротаў у дзяржаўныя ўстановы, патрабаванняў выконваць моўнае заканадаўства і прынцыповай пазіцыі размаўляць па-беларуску.
Пасля 2020 года моўны актывізм стаў для герояў небяспечным. Каб пазбегнуць пераследу, яны былі вымушаныя працягваць сваю дзейнасць падпольна, а пазней пакінуць Беларусь. Нягледзячы на выгнанне, Аліна і Ігар не адмовіліся ад сваіх перакананняў і прыцягваюць увагу да праблем выкарыстання беларускай мовы.
Праз асабістыя гісторыі герояў фільм даследуе сувязь паміж мовай, ідэнтычнасцю і грамадзянскай пазіцыяй, паказваючы, як звычайны выбар размаўляць на роднай мове можа ператварыцца ў форму супраціву і штодзённай барацьбы за свае правы.
Фільм на платформе VODBLISK даступны для бясплатнага прагляду.