Пры падтрымцы ArtPower Belarus у межах Трэка 2 быў рэалізаваны праект #FramedInBelarus беларускай мастачкі Руфіны Базловай — міжнародная мастацкая ініцыятыва, якая праз вышыўку захоўвае асабістыя сведчанні беларусаў, закранутых палітычнымі рэпрэсіямі.
Адным з вынікаў стала стварэнне анлайн-галерэі, дзе прадстаўлена больш за 280 вышытых сведчанняў разам з гісторыямі іх аўтараў. Лічбавая платформа робіць гэтыя матэрыялы даступнымі шырокай аўдыторыі і стварае аснову для адкрытага архіва калектыўнай памяці, які можа папаўняцца новымі працамі і сведчаннямі.
Яшчэ адным важным этапам стала прэзентацыя маштабнай тэкстыльнай інсталяцыі ў Нацыянальнай галерэі ў Празе ў межах міжнароднага біенале Matter of Art 2026. Інсталяцыя аб’яднала сотні вышытых сведчанняў, якія сталі часткай агульнай мастацкай кампазіцыі. Яе дапоўніў лічбавы каталог, які дазваляе пазнаёміцца з кожнай гісторыяй асобна.